22:14 

Гусляр (c)Песняры.

Зачем-то живой.
Гусляр

(по поэме Янки Купалы "Курган")

Памiж пустак, балот беларускай зямлi,
На ўзбярэжжы ракi шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклi, -
Ўдзiрванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусцiў каранасты над iм,
Сухазелле у грудзi ўпiлося;
Вецер стогне над iм уздыханнем глухiм, -
Аб мiнуўшчыне ў жальбах галосе.

На Купалле там птушка садзiцца, пяе,
У пiлiпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцiлалi мо тысячу раз,
Перуны бiлi з краю да краю, -
Ён стаiць - гэта памяць людская, паказ...
Толькi гутарка ходзiць такая.

На гары на крутой, на абвiтай ракой,
Лет назад таму сотня цi болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцiлаўся абшар
Хвоек гонкiх i паханi чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям'ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны i грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў - бiў паклоны яму,
Спуску, ласкi не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы - ў полi i дома,
Толькi модлы раслi небу у сэрцах людзей,
И пракляцце расло пакрыёма.

Раз бяседа вялiкая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзiлi;
За сталом вiн заморскiх крынiца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмiлi.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госцi знатных зусюль, за паўсвету;
Гэткай гучнай бяседы не помнiў народ,
Гэткiх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!..

Дзень, другi ўжо грымела у князя гульня,
I музыкi, i чаркi звiнелi;
Выдумлялi забаў новых кожнага дня;
Што хацелi - ўсяго госцi мелi.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай.

Акалiчны народ гуслi знаў гусляра;
Песня-дума за сэрца хапала;
Вакол гэтай думы дудара-званара
Казак дзiўных злажылась нямала.

Кажуць, толькi як выйдзе i ўдарыць як ён
Па струнах з неадступнаю песняй, -
Сон злятае з павек, болю цiшыцца стогн,
Не шумяць ясакары, чарэснi;

Пушча-лес не шумiць, белка, лось не бяжыць,
Салавей-птушка ў той час сцiхае;
Памiж вольхаў рака, як штодзень, не бурлiць,
Паплаўкi рыба плотка хавае.

Прытаiцца да моху русалка, лясун,
Каня вечнага "пiць" не заводзiць;
Пад звон-песню жывучых гусляравых струн
Для ўсiх папараць-кветка ўзыходзiць.

Прывяла гусляра з яго нiўных сялiб
Дворня князева ў хорам багаты;
Пасадзiла на ганку, мiж клёнаў i лiп,
На цагляным парозе магната.

Невыдумная свiтка - убор на плячах,
Барада, як снег белы - такая,
Незвычайны агонь у задумных вачах,
На каленях ляглi гуслi-баi.

Водзiць пальцам худым па сталёвых струнах,
К песнi-музыцы ладзiцца, строе;
Водклiк б'ецца ад струн па сцюдзёных сцянах,
Замiраючы ў сховах пакояў.

Вось настроiў, навёў тон у струнах як след,
Не зiрнуўшы на гулi нi разу,
I сядзiць гэты сумны, як лунь, белы дзед
I чакае ад князя прыказу.

Князь:

"- Што ж маўчыш ты, гусляр, нiў, лясоў песнябай,
Славай хат маiх подданых слаўны?!
Нам сягоння зайграй, нам сваiх песень дай, -
Князь умее плацiць незвычайна!

Запяеш па душы, дасi ўцехi гасцям -
Поўны гуслi насыплю дукатаў;
Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам -
Канапляную возьмеш заплату;

Знаеш славу маю, знаеш сiлу маю...
- Многа знаю i чуў аб табе я, -
I я сам, як i ты, так табе запяю..."

Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр,
Заiскрылiся вочы сiвыя,
Патануў у скляпеннях адзiн, другi ўдар,
I заплакалi струны жывыя.

Гусляр:

"Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет!
Не такую задумаў ты думу, -
Не дае гуслярам сказу золата цвет,
Белых хорамаў п'яныя шумы.

Скурганiў бы душу чырванцом тваiм я;
Гуслям, княжа, не пiшуць законаў:
Небу справу здае сэрца, думка мая,
Сонцу, зорам, арлам толькi роўна.

Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, -
Iм пакорны я толькi з гуслямi,
Сiлен, княжа, караць, галаву сiлен зняць, -
Не скуеш толькi дум ланцугамi.

Славен, грозен i ты, i твой хорам-астрог,
Б'е ад сцен-цэгел ледам зiмовым;
Сэрца маеш, як гэты цагляны парог,
I душу - як скляпоў гэтых сховы.

Глянь ты, слаўны ўладар, на палеткi свае:
Сарачнi там сох бачыш, як блудзе;
А цi чуў ты, аб чым там араты пяе,
Дзе i як жывуць гэтыя людзi?

Глянь ў лёхi свае, ў падзямеллi глянь, князь,
Што настроiў пад хорамам гэтым;
Браццi корчацца там, табой кiнуты ў гразь,
Чэрвi точаць жывых iх, раздзетых.

Ты ўсё золатам хочаш прыцьмiць, загацiць...
Цi ж прыгледзеўся, хорамны княжа?
Кроў на золаце гэтым людская блiшчыць,
Кроў, якой i твая моц не змажа.

Ты брыльянтамi ўсыпаў атласы i шоўк -
Гэта цёртая сталь ад кайданаў,
Гэта вiсельнi петляў развiты шнурок,
Гэта, княжа, твае саматканы.

Стол ты ўставiў ядой, косцей шмат пад сталом, -
Гэта косцi бядноты рабочай;
Пацяшаешся белым, чырвоным вiном, -
Гэта слёзы нядолi сiрочай.

Хорам выстраiў ты, твайму воку так мiл,
Адшлiфованы цэгла i камень, -
Гэта - памяткi-плiты з няўчасных магiл,
Гэта - сэрцаў скамененых пламень."

Князь:

"- Гэй ты, сонцу раўня, не на тое пазваў
На вяселле цябе сваёй княжны!..
Ты - шалёны, старык, хто цябе дзе хаваў?
Ты, знаць, вырадак цемры сярмяжнай."

Гусляр:

"Люба чуцi табе скочнай музыкi звон:
Ты, дружына п'яцё асалоду, -
А цi ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн,
Стогн пракляцця табе, твайму роду?!

Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар!
Госцi хмурны, а дворня знямела...
Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар!
Выбачай, калi спеў мо няўмела."

Князь:

"Я па-князеўску ўсiм i плачу, i люблю!
Ты не хочаш дукатаў - не трэба!..
Ўзяцi старца i гуслi жыўцом у зямлю!
Знае хай, хто тут пан: я - цi неба!"

Падхапiлi, ўзялi гусляра-старыка,
Гуслi разам яго самагуды;
Па-над бераг круты, дзе шумела рака,
Павялi, паняслi на загубу.

Месца выбралi здатнае, вырылi дол,
Дол тры сажнi шырокi, глыбокi;
Закапалi, убiлi асiнавы кол,
Далi насып тры сажнi высокi.

Не часалi дамоўкi яму сталяры,
Не заплакалi блiжнiя вочы;
Змоўклi гуслi i ён з той пары - да пары;
Сум i сцiша залеглi, як ночай.

Толькi князеўскi хорам гудзеў, не маўчаў:
Шалы, музыка ў тахт рагаталi;
Не адну вiна бочку князь кончыў, пачаў:
Шлюб-вяселле ўсё княжны гулялi.

Пацяклi, паплылi за гадамi гады...
На гусляравым наспе жвiровым
Палыны узышлi, вырас дуб малады,
Зашумеў непанятлiвым словам.

Лет за сотню звёў час, цi i болей мо лет,
Зацвiлi пераказы ў народзе;
Кажуць людзi: ў год раз ночкай з гуслямi дзед
3 кургана, як снег, белы выходзе.

Гуслi строiць свае, струны звонка звiняць.
Жменяй водзiць па iх абамлелай,
I ўсё нешта пяе, што жывым не паняць,
I на месяц глядзiць, як сам, белы.

Кажуць, каб хто калi зразумеў голас той,
Не зазнаў бы нiколi ўжо гора...
Можна тут веру даць, толькi слухаць душой...
Курганы шмат чаго нам гавораць.

URL
   

Дневник Solitude aeternum

главная